95-гадовы паэт, аматар жартаў і кпінаў

Создано: 25.01.2015

14 студзеня адзначыў 95-годдзе вядомы пісьменнік Мікола Якаўлевіч Аўрамчык. Чалавек-эпоха. Паэт, празаік, эсэіст, перакладчык і найзнакаміцейшы літаратурны рэдактар, які 27 гадоў свайго жыцця аддаў працы ў часопісе «Маладосць». У літаратуру яго ўвёў Якуб Колас, Кузьма Чорны пісаў вясковаму школьніку Міколу рэцэнзіі на першыя апавяданні, са Змітраком Бядулем ён разам выступаў на вечарыне, лепшым сябрам быў Пімен Панчанка…

Нарадзіўся Мікола Аўрамчыкў сялянскай сям’і, сямігодку скончыў у вёсцы Цялушы, што ў Бабруйскім раёне. У 1938 г. стаў студэнтам філалагічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі».

Мікола Аўрамчык. 1938 год, Менск, курсы пры Саюзе пісьменьнікаў для творчай моладзі з рэгіёнаў

У час вайны М. Аўрамчык удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Напрыканцы чэрвеня 1942 г. пры акружэнні трапіў у нямецкі палон, быў вывезены ў Рур, дзе працаваў у каменнавугальнай шахце. У красавіку 1945 г. разам з іншымі палоннымі быў вызвалены англічанамі.

Увесну наступнага года Мікола Якаўлевіч вярнуўся ў Мінск і паступіў на філалагічны факультэт (аддзяленне журналістыкі) БДУ, які скончыў у 1949 г. Пад час вучобы працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя». У 1953 – 1980 гг. быў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць», потым выйшаў на пенсію.

Аўрамчык, сакавік 2010

У свае 95 юбіляр захаваў выдатнае пачуццё гумару і яснасць думкі, але, на жаль, фактычна страціў зрок. У сваім прывітальным слове, звернутым да аўдыторыі, Мікола Якаўлевіч адзначыў:

— Адчуванне таго, што зараз адбываецца, ёсць, аднак стан здароўя ўжо не дазваляе мне ні бачыць вас, ні пісаць. Магу сказаць, што мне пашчасціла ў жыцці ў пасляваенны перыяд, калі я быў у “Маладосці”, і прыходзілі да мяне маладыя паэты. Настолькі таленавітыя — Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, і так іх было многа, што зараз усіх не пералічыць. І праз 5—10 гадоў гэтыя творцы сталі маімі начальнікамі і многаму ў сваю чаргу мяне навучылі.

Настаўнікамі ў літаратуры сталі для Міколы Якаўлевіча яго любімыя паэты — Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк, а вучнямі — Раіса Баравікова, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Янка Сіпакоў, Яўгенія Янішчыц і многія іншыя. Без перабольшання, за чассваёй працы ў рэдакцыі спадар Мікола выхаваў не адно пакаленне беларускіх літаратараў.

Злева направа: Анатоль Бутэвіч, Васіль Зуёнак, Раіса Баравікова

Пра свае сустрэчы з Якубам Коласам, Янкам Купалам і ягонай жонкай Уладзіславай Францаўнай, з Іванам Мележам і многімі іншымі класікамі Мікола Аўрамчык напісаў у сваіх кнігах мемуараў і эсэ.

Просмотров: 763

      Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь  Детский правовой сайт

Сайты системы образования

Министерство образования Республики Беларусь Национальный институт образования МГУ им.А.А.Кулешова