Да 90-годдзя з дня нараджэння Івана Навуменкі

Создано: 07.02.2015

Творчасць пачынаецца з музыкі…

Іван Навуменка – яркі самабытны талент, чалавек з багатай біяграфіяй. Звыш 40 гадоў аддаў пісьменнік роднай літаратуры, узбагаціў яе новымі вобразамі людзей, мужныя і гераічныя характары, якіх знайшлі праўдзівае і яркае ўвасабленне ў глыбока самабытнай яго творчасці. Пісьменнік умеў апавядаць пра лёс, пачуцці звычайнага чалавека, пра яго маральна-этычны стан так, каб дапамагчы чытачу заняць правільную пазіцыю ў жыцці.

Іван Якаўлевіч Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 года ў г. Васілевічы Рэчыцкага раёна ў сям’і чыгуначніка. Іван Якаўлевіч прайшоў нялёгкі жыццёвы шлях. Юнацкія гады пісьменніка прыпалі на ваенныя гады.

Іван Навуменка з кнігай,атрыманай за выдатную вучобу. 1938 год

У семнаццацігадовым узросце ён уключаецца ў падпольнае змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, потым працягвае гэту барацьбу ўжо як сувязны і баец партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі, разведчык дэсантнай групы. Са снежня 1943 года І. Я. Навуменка знаходзіцца ў радах Савецкай Арміі, удзельнічае ў цяжкіх баях на Карэльскім перашыйку і заканчвае вайну ва Усходняй Прусіі і Сілезіі.

Іван Навуменка, 1945 год

 

Пасля дэмабілізацыі першыя шэсць гадоў працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты "Бальшавік Палесся" і рэспубліканскай газеты "Звязда". Працаваў натхнёна, творча. Толькі за адзін 1949-ы год, напрыклад, ён напісаў і надрукаваў каля ста допісаў, замалёвак і нарысаў пра калгаснікаў, рабочых і служачых Мазырскага, Калінкавіцкага і Васілевіцкага раёнаў. Пазней Іван Навуменка пісаў, што "журналісцкая дзейнасць станоўча ўплывае на асобу пісьменніка, дапамагае яму ў назапашванні жыццёвых назіранняў". I гэта ў спалучэнні з вучобай (завочна) на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў у 1950 годзе. У 1954 годзе Іван Навуменка паспяхова закончыў вучобу ў аспірантуры БДУ і стаў працаваць загадчыкам аддзела прозы рэдакцыі часопіса "Маладосць". Потым выкладаў беларускую літаратуру і загадваў кафедрай беларускай літаратуры ў БДУ (1958–1973 гг). У 1973-1982 гадах Іван Навуменка – дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі, у 1982-1991 гадах – віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, з 1991 года – акадэмік АН Беларусі.

Памяць пра ваеннае ліхалецце пісьменнік пранёс праз усё жыццё. Падзеі вайны, гераічная барацьба супраць нямецкіх захопнікаў ляглі ў аснову многіх яго твораў. І адлюстраваны яны на высокім мастацкім узроўні. Зборнікі апавяданняў пісьменніка “Семнаццатай вясной”, “Хлопцы-равеснікі”, аповесць “Вайна каля Цітавай копанкі” сталі яскравай старонкай беларускай літаратуры. Галоўнае пытанне на якое шукае адказ у сваіх творах пісьменнік: а ці можа заставацца чалавек чалавекам у жорсткіх і абсурдных абставінах ваеннага кровапраліцця? Яго раманы “Смутак белых начэй”, “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці” і сёння служаць высокароднай справе выхавання маладога пакалення.

 

Фрагмент  музейнай экспазіцыі “Літаратурныя Васілевічы”

Сасна пры дарозе, пасаджанная землякамі ў гонар народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, 2010 год

 Сям’я Івана Навуменкі на Міжнародных навуковых чытаннях у Рэчыцкай  цэнтральнай бібліятэцы

 

“Я лічу, што творчасць пачынаецца з музыкі. Яна гучыць у свядомасці, як намёк на гармонію ці драму... Літаратура не павінна забываць свой лірычны бераг. Бо лірыка разліта ва ўсім міразданні",- гаварыў І.Навуменка. Такім "лірычным берагам" для яго стала родная Беларусь, родныя Васілевічы, іх непаўторны рэгіянальны каларыт.

Мастацкія і навуковыя адкрыцці Івана Якаўлевіча Навуменкі, таленавітага пісьменніка і вучонага, створаная ім літаратуразнаўчая школа значна абагацілі беларускую літаратуру і культуру, сталі яе залатым фондам.

Просмотров: 1935

      Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь  Детский правовой сайт

Сайты системы образования

Министерство образования Республики Беларусь Национальный институт образования МГУ им.А.А.Кулешова