Абрад "Уваходзіны ў хату"

Гаспадыня: Здаецца толькі ўчора вяселле мы з табой спраўлялі, а вось, глядзі ты, і хату збудавалі. Проста не верыцца

Гаспадар: І сапраўды. (Чуецца стук  у дзверы)

Гаспадыня: А вось і госці.

Гаспадар: Просім у хату, госцейкі нашы.

1-ы госць: Паважаныя гаспадары. Мы дорым вам падкову, каб шчасце не пакідала вашу хату.

2-і госць: А вось шматок саломы. Калі, крый Божа, давядзецца каму-небудзь з вас упасці, няхай будзе заўсёды саломка пад рукою.

3-і госць: А гэта табе, гаспадыня, салонка. І памятай: недасол на стале, перасол на спіне.

4-ы госць: Вось вам, гаспадары, яйкі, але не залатыя.Няхай вашы куры добра нясуцца.

5-ы госць: А гэта самы галоўны наш падарунак-абраз Божай Маці. Няхай ён  на працягу ўсяго жыцця зберагае вас ад нячыстай сілы.

А цяпер зойдзем у саму хату. Але асцярожна. Трэба правільна пераступіць парог. “Ад парога  хату не мятуць”-вучыць народная мудрасць. Здавалася, ці так важна, як месці хату. Галоўнае, каб было чыста. Але не, парог- месца незвычайнае. Парог асэнсоўваўся людзьмі як своеасаблівая мяжа, што падзяляе чалавечае жытло ад прасторы “за парогам”-неасвоенай, нежылой і, значыць, варожай для чалавека. З парогам звязаны розныя звычаі. Можа вы чулі некаторыя з іх, раскажыце, калі ласка.

Так, парог пераступілі. Што ж бачым далей у вясковай хаце? Ля ўвахода, справа, месца для мыцця посуду і іншых кухонных рэчаў. Пасля-печ. Ёсць такі выраз: танцаваць ад печы. Пачнём і мы нашу размову з печы. З печчу звязана шмат вераванняў і ўяўленняў. Можа хтосьці можа расказаць нешта цікавае.   

Асаблівая павага да печы, адносіны да яе як да жывой істоты падкрэсліваюцца забаронай ужываць ля яе  “грубыя  або непрыстойныя словы”. Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце, або “сказаў бы, ды печ у хаце.  “Печ-заступніца ад хваробы або смерці. Існавала такая парада: пры ўваходзе ў хату, у якой ляжыць хворы, трэба спачатку паглядзець на печ, каб не прыстала хвароба.

-А як называецца той куток, дзе знаходзяцца пячныя служкі? Так, правільна, качарэжнік альбо вілачнік. Там і чапяла, і качарга, і вілкі. Голымі рукамі гаршка з печы не дастанеш.Гаршок ці чыгунок падхопліваюць вілкай і ставяць у печ ці вымаюць з печы.

Пабач з печчу месціцца посуд: збанкі, гаршкі, конаўкі, макацёркі і інш.

-А што стаяла ўздоўж сцяны? Так, лавы. На іх сядзелі і маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Стол і лавы рабілі з дубовых дошак. Стол быў белы, бо яго скрэблі нажом.

І яшчэ адно цікавае месца ў хаце. Гэта покуць, куточак храма ў хаце. А што вы ведаеце пра покуць?

-Якія ўпрыгожванні ёсць у вясковай хаце? Так, посцілкі(перабіранкі), ручнікі. Ручнік-гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік-гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты. Мы зберагаем наш добры звычай і хочам пачаставаць вас, дарагія госці, хлебам-соллю.

-Паглядзіце на ручнік. Якія ўзоры вы там бачыце? А якія яшчэ кветкі часта сустракаюцца на вышыўках?

Музычная паўза. Песня “Васількі”

А можа хто з вас ведае, як выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца ручнік на вяселлі? 

А яшчэ на ручніку прымалі нашы продкі нованароджаных.А дзяўчаты дарылі ручнікі хлопцам, якія ішлі ў войска, каб не забываліся пра свой дом.Шмат было абрадаў з ручніком, але іх аб’ядноўваў адзін сэнс-ушанаванне продкаў. Ручнік быў сімвалічным пасрэднікам паміж светам жывым і светам нябачным.

І яшчэ цікавая рэч у хаце-гэта куфар. Не проста нейкая скрыня, дзе складалі адзенне, а куфар жыцця жыхароў гэтай хаты. Праз куфар відаць жыццё чалавека. Куфар часта згадваецца ў вясельных песнях:

Надзеў на вяселле
Прыгожы жупан,
На возе рассеўся
І едзе, як пан.

Дзяўчына збірала пасаг, складвала яго ў куфар. І калі ішла пад вянец,перавозілі куфар у хату жаніха. Рабілі куфры з дошак, на падстаўных ножках. Канты, пярэднія сценкі  акаймоўвалі металічнымі палоскамі. Па баках мацавалі ручкі. За сталярскую работу браліся майстры-мужчыны, а размалёўвалі куфар жанчыны. На куфры расцвіталі кветкі, зялёныя галінкі, залаціліся каласы, сінеў лён. У куфры захоўвалі тканіну, адзенне, каштоўныя рэчы.

У пахучым куфры важка ўсё ляжала,
Што сама бабуля працай рук прыдбала.
Быццам водар з поля прынясло ў хату,
Так запахла лугам,чабаром і мятай.

Просмотров: 3349