Дэкада беларускай мовы і літаратуры “З любоўю да роднага слова”

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Яўгенія Янішчыц

Пад такім дэвізам прайшла ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №8 г. Магілёва” дэкада роднай мовы.

Кожны дзень арганізатары паспрабавалі напоўніць цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, каб яны, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі.

Удзел у дэкадзе прынялі ўсе вучні школы. Яе мэта – фарміраванне ў дзяцей станоўчай матывацыі да вывучэння роднаймовы,літаратуры і гісторыі, стварэнне ўмоў для таго, каб навучэнцы маглі праявіць сябе, выпрабаваць уласныясілы ў разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах, прадэманстраваць свае дасягненні ў згаданых прадметах.

Дэкада пачалася па-сапраўднаму святочна: зранку настаўнікі і вучні атрымалі віншавальныя паштоўкі ў выглядзе карманных каляндарыкаў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы.

Дзень роднай мовы ў нашай школе заўсёды вызначаецца нечым незвычайным, і гэты навучальны год не стаў выключэннем. Ранкам 21 лютага прайшла акцыя “Гаворым па-беларуску”, якая нікога не пакінула без увагі. Гэтая акцыя дазволіла ўсім прысутным перажыць моцныя пачуцці, атрымаць задавальненне і яшчэ раз пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім мы павінны ганарыцца і шанаваць. На працягу дня прагучаў інформ-дайджэст “Дзень роднай мовы” для вучняў 5-11класаў.Прыгажосці роднага краю, роднай зямлі, мілагучнасці і непаўторнасці роднай мовы былі прысвечаны літаратурныя конкурсы і віктарыны.

У час правядзення дэкады былі падведзены вынікі конкурсаў малюнкаў, літаратурных газет і прэзентацый, прысвечаных пісьменнікам-юбілярам.

У рамках дэкады былі праведзены класныя гадзіны, прысвечаныя беларускім пісьменнікам і паэтам, інфармацыйныя заняткі “Дзеячы беларускай культуры”, “Мастакі Беларусі”.

Для вучняў 1-4 і 5-11 класаў прайшлі фальклорныя святы “Шырокая Масленіца” і “Масленіца”, дзе вучні прадэманстравалі свае творчыя здольнасці інсцэніроўкай казак, гульнёй на традыцыйных беларускіх музычных інструментах.

Вучні 3-9 класаў, пагартаўшы разам з настаўнікамі старонкі вуснага часопіса “Пісьменнікі-юбіляры”, зноў адкрылі для сябе непаўторны свет беларускага слова і пазнаёміліся бліжэй з жыццём і з творамі пісьменнікаў-юбіляраў, якія раней імі не вывучаліся.

Людзям, як паветра, неабходны святочныя ўрачыстасці, якія маюць свае гістарычныя карані і традыцыйныя высновы.У рамках дэкады прайшла літаратурна-музычная імпрэза “Вайна вачыма дзяцей”, прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны. Ніхто не застаўся абыякавым да вершаў і песняў, якія ўшаноўвалі памяць герояў, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, сустрэча з якімі стала ўжо добрай традыцыяй у нашай школе. Госці прачыталі вершы паэтаў-франтавікоў Магілёўшчыны, прагучалі радкі з уласных успамінаў Міхася Булавацкага. У якасці падарункаў Міхась Булавацкі і Мікалай Яцкоў пакінулі свае зборнікі, некалькі нумароў часопіса “Дзеяслоў”, водгукі і парады падрастаючаму пакаленню.

Закончылася дэкада літаратурнай кампазіцыяй ”Родная мова – цудоўная мова”.

Спадзяёмся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі нашай любай беларускай мове, нікога не пакінулі абыякавымі. Упэўнены, што мы, настаўнікі, разам з нашымі вучнямі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса – трэба ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць роднае слова.

Дзякуем ад усяго сэрца ўсім удзельнікам дэкады роднай мовы!       

Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Н.Л.Прасаловіч

Просмотров: 519