Тыдзень беларускай мовы і літаратуры “З любоўю да роднага слова”

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Яўгенія Янішчыц

Пад такім дэвізам з 14 лютага ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №8 г. Магілёва” праходзіў тыдзень роднай мовы.

Кожны дзень арганізатары напоўніліцікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, каб яны, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для тых, хто цікавіцца роднай культурай.

Пачатак тыдня супаў са святкаваннем Дня святога Валянціна. У гэты дзень дораць каханым і дарагім людзям кветкі, паштоўкі ў форме сардэчка, часта з паэтычнымі, любоўнымі тэкстамі — валянцінкі. Гэта свята ніколі не мінае сцен нашай школы. У гэтым годзе мы не парушалі традыцый: вучні, настаўнікі і нават адміністрацыя атрымалі валянцінкі. Незвычайным было тое, што вершы на беларускай мове пра каханне былі не толькі надрукаваны на валянцінках, але і гучалі на калідорах і ў бібліятэцы для ўсіх.

 

15 лютага – адзіны дзень роднай мовы быў азнаменаваны шэрагам літаратурных конкурсаў і гульняў. Конкурс выразнага чытання “Зіма – чараўніца сцюдзёная” сабраў шмат аматараў беларускай паэзіі. Прагучалі вершы паэтаў-класікаў і творы пачынаючых пісьменнікаў, прысвечаныя чысціні, непаўторнасці і прыгажосці зімы, яе вясёлым гульням і забавам.

16 лютага былі падведзены вынікі конкурсаў малюнкаў і прэзентацый “Зімовая рапсодыя”, “Мы сяброўствам з табою з’яднаны”, пераможцы атрымалі памятныя падарункі.

У рамках дэкады прайшлі класныя гадзіны, прысвечаныя беларускім пісьменнікам-юбілярам 2018 г., інфармацыйныя заняткі “Дзеячы беларускай культуры”, “Мастакі Беларусі”.

У час дэкады настаўнікамі былі праведзены адкрытыя ўрокі з выкарыстаннем сучасных педагагічных тэхналогій: тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення (Н.Л. Прасаловіч), тэхналогіі праблемнага навучання (С.М.Рабава, С.А. Грахольская), з ужываннем здароўезберагальных тэхналогій (Л.М. Балуева). На ўсіх уроках знайшлі прымяненне камп’ютарныя тэхналогіі, што яскрава прадэманстравала майстэрства педагогаў.

Людзям, як паветра, неабходны святочныя ўрачыстасці, якія маюць свае гістарычныя карані і традыцыйныя высновы. Святкаванне Масленіцы – другая добрая традыцыя нашай школы. Вось таму 17 лютага і спяшаліся да нас у актавую залу бацькі з дзецьмі, бабулі і дзядулі з унукамі, каб развітацца з зімой і паклікаць вясну. Звонкія народныя спевы, вясёлыя карагоды і займальныя гульні не пакінуль ўбаку нікога, тым больш, што за кожны конкурс гаспадары частавалі смачнымі аладкамі і блінкамі. Падрыхтавалі і правялі свята настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Грахольская С.А. і Рабава С.М. разам са сваімі вучнямі і іх бацькамі.

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы ў нашай школе заўсёды вызначаецца святочнасцю і незвычайнасцю. І гэты навучальны год не стаў выключэннем. 21 лютага прагучаў інформ-дайджэст “Дзень роднай мовы” для вучняў 5-11класаў. Нікога не пакінула без увагі школьная акцыя “Гаворым па-беларуску”. Акцыя “Напішам дыктант разам” таксама не прайшла без увагі: бацькі, вучні, адміністрацыя школы напісалі разам дыктант “Матчына мова, родная мова”. Для вучняў 6-7 класаў была праведзена конкурсная праграма “Знаўца роднай мовы”, у ходзе якой вучні спрабавалі свае сілы ў якасці знаўцаў розных раздзелаў мовы, фальклору, мастацтва і нават падрыхтавалі інсцэніроўку казкі.

Спадзяёмся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі нашай любай беларускай мове, нікога не пакінулі раўнадушнымі. Упэўнены, што мы, настаўнікі, разам з нашымі вучнямі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса – трэба ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць роднае слова.

Дзякуем ад усяго сэрца ўсім удзельнікам дэкады роднай мовы!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Прасаловіч Наталля Леанідаўна

Просмотров: 341