Артур Вольскі
Да 90-годдзя са Дня нараджэння Артура Вольскага
Я чараўнік, я чараўнік,
Такі мой абавязак.
Вас павяду, як праваднік,
У свет дзівосных казак.
На гэтай сцэне я ўладар,
Не ўвенчаны каронай.
Ах, колькі самых светлых мар
Схавана за заслонай!
Маё жыццё і праца тут.
Мая дзяржава – сцэна.
Вам не адзін пакажам цуд
Мы сёння несумненна.
Я чараўнік, я чараўнік,
Мне ўсе да твару маскі.
Вас павяду, як праваднік,
У свет дзівосных казак.
Жыццё і творчасць

Артур Вольскі (Артур Вітальевіч Зэйдэль-Вольскі) нарадзіўся 23 верасня 1924 года ў горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці. Маці яго была артысткай. Бацька, Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі - пагранічнік, а потым вядомы беларускі драматург, празаік, вучоны, аўтар праслаўленага "Несцеркі", паходзіў з інтэлегентнай пецярбургскай сям'і.
Вучыўся Артур Вітальевіч у 25 мінскай узорнай чыгуначнай імя Чарвякова беларускай школе. У гэтай школе таксама вучыліся ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Рыма Шаршнева, будучыя пісьменнікі Э.Агняцвет, А.Міронаў. Геаграфію ў гэтай школе выкладаў Янка Маўр. Артур Вітальевіч меў многа сяброў самых розных нацыянальнасцей.
Пасля сёмага класа паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе пачалося знаёмства з самастойным жыццём. Вайна перапыніла навучэнне. Ён эвакуіраваўся ва Уральск, дзе працаваў мастаком у тэатры імя Я.Коласа.
У 1942 годзе быў прызваны з Уральска ў Ваенна-марскі флот. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у баях супраць імперыялістычнай Японіі. Быў боцманам, мінёрам, ваенным журналістам. Пасля дэмабілізацыі, з 1952 года, Артур Вітальевіч працаваў у рэдакцыі газеты "Чырвоная змена" загадчыкам аддзела культуры і быту, адказным сакратаром часопісаў "Бярозка", "Вясёлка". Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1962). 3 1963 года -загадчык літаратурнай часткі, а потым дырэктар Беларускага тэатра юнага гледача. У 1978 - 1979 годах – дырэктар Дома літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Першы літаратурны твор надрукаваў у 1936 годзе. Паэтычную дзейнасць пачаў у 1945 годзе.
У 1958 годзе Артур Вольскі выдаў зборнік вершаў "Водбліскі далёкіх маякоў" і кніжку вершаў для дзяцей "Дзедаў госць". Ён выступае і як перакладчык твораў рускіх, літоўскіх, латышскіх і ўкраінскіх паэтаў.
Яго хапае на ўсё: вершы для дарослых і дзяцей, аповесці і апавяданні, п'есы для юнацтва і аперэтачныя лібрэта, мастацкія і дакументальныя кінасцэнарыі, інтэрмедыі для эстрады і цырка, літаратурныя і публіцыстычныя артыкулы. Але найбольш увагі пісьменнік удзяляе юным чытачам.
Розныя дзеці –
аднолькавы смех.
Смех у хвіліны
забаў і пацех…
Вось бы зрабіць,
каб у розных дзяцей
радасць гасціла
даўжэй ды часцей.
Яго творы памагаюць лепш зразумець дзяцей, глыбей пранікнуць у дзіцячы свет. Творы Артура Вольскага карыстаюцца шырокай папулярнасцю сярод юных чытачоў. Яго дзіцячыя кнігі ў асноўным адрасаваны дашкольнікам і малодшым школьнікам. У творах пісьменніка маленькі чытач знойдзе пэўныя жыццёвыя урокі - урокі чуласці, дабрыні, адкрытасці, дружбы. Урокі любві да роднай зямлі, мовы, да сваёй Бацькаўшчыны.
Адна з выразных тэм у творчасці паэта, драматурга - тэма Радзімы, Айчыны, Беларусі.
Мой скарб
Як і кожны ў маёй старане,
я багацце нязмернае маю.
Ды не ў грошах,
не ў золаце – не!
У любові да роднага краю.
Гэты скарб не схаваны ў зямлі,
не закуты ў іржавай скарбонцы.
Ён вясною з адталай раллі
узнімаецца рунню да сонца.
Не кладзецца ў далярах на стол
І працэнтаў мой скарб не прыносіць.
Ён пладамі даспелымі ў дол,
рэха будзячы, бумкае ўвосень.
Скарб той крыецца ў кожным кутку
неабсяжнай маёй Беларусі.
Рады я дружбаку, земляку,
З ім пароўну багаццем дзялюся.
Беларусь!
Узараную,
дымную,
у лістоце бяроз і дубоў –
абдымаю цябе,
неабдымную,
ты – багацце маё і любоў.
Вершы Артура Вольскага "Зубры", "Купалле", "Агні на Дзвіне" - адбітак разваг пра Беларусь, трывогі за яе лёс, сардэчнага, душэўнага болю, якія перадаюцца юнаму чытачу.
Кнігі Артура Вольскага дораць радасць учарашнім, сённяшнім, заўтрашнім пакаленням юных чытачоў Беларусі.
Шмат твораў у Артура Вольскага і для дарослых. Галоўныя іх тэмы: зямля, веска, еднасць з прыродай, праца,памяць пра тых, хто не дажыў да Перамогі.
Была вайна.
Не даўно – ўчора.
Я гэта ведаю не з кніг.
Для тых, хто зведаў тое гора,
і паўстагоддзя – толькі міг.
Нашто парады і даклады?
Не трэба больш былой ілжы.
Клады прывесці б нам да ладу,
паставіць свечкі пад крыжы.
Бо варты вечнае пашаны
той, хто ў пякельны час ліхі
вайною быў укрыжаваны за нашы цяжкія грахі
Артур Вольскі ведае цану радасці, цяжар гора. Вершы пра каханне, поўныя сонца і хмелю. Радзіма. Народ. Мова. Пра іх пісаў паэт Артур Вольскі, для іх пісаў, імі жыў.
Душою збалелаю ціха гарнуся
да птушак, да кветак,
да дрэў, да травы…
І не таюся - пры ўсіх ганаруся,
што з доляй адзінай маёй Беларусі
лучу сваю долю, пакуль я жывы.
Тут войны не раз засявалі раллю.
Чужых і сваіх смерць няшчадна касіла.
Спяць воінпад вартай бярэзін пахілых.
А кветкі ўпрыгожваюць нашу зямлю нанова.
Не толькі на брацкіх магілах.
П'есы Артура Вольскага пастаўлены у многіх тэатрах:
"За лясамі дрымучымі" - пастаўлена ў тэатры юнага гледача; "Тры Іваны - тры браты"- пастаўлена ў тэатры імя Янкі Купалы, Львоўскім тэатры моладзі; "Граф Глінскі-Папялінскі" - у беларускім дзяржаўным тэатры лялек і "Тэатры лялькі для акцёра" у Польшчы.
Па яго творах створаны мульфільмы: "Про кота Васю и охотничью котовасию», "Мая мама чараўніца".
Зняты тэлеспектаклі: "Апошняя ноч Алаізы", "Водар папараці".
Вершы і казкі Артура Вольскага найперш прывабліваюць сваей натуральнасцю, адсутнасцю штучнасці, выразным імкненнем аўтара размаўляць з малымі на зразумелай імі мове.
Паэзія, драматургія Артура Вольскага - гэта дыялог, размова роўных - пісьменніка і юнага чытача.
Асноўныя тэмы твораў Артура Вітальевіча -Радзіма, народ, родная мова, дружба, інтэрнацыяналізм.
Генадзь Бураўкін назваў Артура Вольскага першапраходцам ва ўсе часы: адзін з першых патомных беларускіх пісьменнікаў, адзін з першых у пасляваеннай кагорце беларускіх паэтаў пачаў пракладаць масты дружбы да суседзяў - народаў другіх рэспублік, адзін з першых пасляваенных літаратараў, якія пачыналі па-сур'ёзнаму мудра і даходліва з захапленнем гаварыць з юным чытачом, адзін з заснавальнікаў дзіцячага часопіса "Вясёлка" (разам з Віткам). Узнагароджаны ордэнамі "Знак пашаны", Айчыннай вайны 2-ой ступені, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Малдаўскай ССР. Памёр у 2002 годзе ў Мінску.
Просмотров: 12628