Кніга
Выказванні пра кнігу
Кожны з нас памятае прачытаную ў юнацтве першую кнігу. (Я. Скрыган)
А наогул я люблю чытаць. (І. Шамякін)
Я вярнуўся дадомы з прывычкай многа чытаць. (К. Чорны)
Праходзілі вякі, адыходзілі ў нябыт пакаленні, знікалі магутныя дзяржавы. а кніга - вялікае цуда, створанае чалавечым розумам, - жыла, хвалявала сэрцы, абуджала думку. (С. Александровіч)
Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты — мост,
па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.
Мільгаюць старонкі твае —
I мы размаўляем з вякамі,
I продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.
Учора і сёння —
Штодня —
У люты мароз і ў адлігу
Стварае людская радня
Жыцця непаўторную кнігу.
Мы пішам адменным пяром,
Што ўручана родным народам.
Пілот у нябёсах —
крылом,
Араты на полі —
нарогам.
Мы — словы такога пісьма,
Якое ў вяках не сатрэцца.
Ты — мост,
па якім нездарма
Іду я з патомкам сустрэцца.(П. Макаль)
Сярод хаты -
Стол для частунку, для бяседы,
А на сцяне - рог паляўнічы
І стрэльбіна старога дзеда,
І побач - з кнігамі паліца.
Я ўзяў адну, без пераплёту,
Відаць, шмат па руках хадзіла,
Відаць, чыталася з ахвотай...
"Мой родны кут, як ты мне мілы.." (М. Танк)
Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
I воску з ладанам прыемны пах пачуў. (М. Багдановіч)
З паглядам,
дзе мары вялікія спелі,
жаданні —
пасобіць айчыне хоць крышку,
каб ластаўкай
родныя словы запелі,
і родныя словы,
і першыя кніжкі. (М. Дукса)
Казалі, — рукапісы не гараць,
А я аднойчы бачыў, як гарэлі
У печы Галубковы акварэлі,
Як вершы адпраўлялі паміраць,
Сагрэтыя яшчэ жывым дыханнем,
I ласкаю, і трапяткім каханнем,
А кажуць, — рукапісы не гараць. (С. Грахоўскі)
Ёсць рукапісы, змест якіх сцярты, ледзь знаць,
Ці нат другі напісан сэнс бязбожна.
Іх палімпсестамі прынята здаўна зваць,
І першы іхні змысл пайме не кожны. (У. Жылка)
Беларусь
Вершаваныя і празаічныя радкі пра Радзіму.
Радзіма мая дарагая,
Красуйся і вечна жыві! (А. Бачыла)
О Радзіма, табой напоўнена сэрца да краю!.. (П. Панчанка)
Хіба ж ёсць у свеце шчасце лепшае, як пад небам бацькаўшчыны жыць? (В. Вітка)
Яснага блакіту табе. зямля бацькоў, родны кут! (Р. Барадулін)
Зямля Радзімы! Ў сэрцы боль салодкі
Хто не адчуў, сустрэўшыся з табой? (А. Звонак)
Няхай краса любімае зямлі
У задушэўнай песні адгукнецца. (А. Астрэйка)
Хай праменяцца дні,
Беларусь, над тваімі палямі,
Зелянеецца рунь,
Наліваецца колас цяжкі. (Г. Пашкоў)
Любіце гэтую святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый не патрэбна. (У. Караткевіч)
Будзеш ты свабодная навекі,
Дарагая наша Беларусь! (П. Панчанка)
Беларусь - мая радзіма,
Любы сэрцу твой прастор. (М. Калачынскі)
Малюнкі бацькаўскай зямлі!
Нічым вас з памяці не сцерці. (П. Глебка)
Дзівос на планеце, я знаю, багата,
Ды толькі чамусьці прыходзяць у сны
Сцяжынка лясная, за рэчкаю хата,
Дзе ўранні над лугам плывуць туманы. (А. Бачыла)
Беларусь мая, сонца,
Дарагая і родная маці! (У. Караткевіч)
Дзе прайшло маленства. там пачынаецца Радзіма. (К. Чорны)
Беларусь - мая маці і мова, паветра і хлеб. (А. Вялюгін)
Ты радасць мая, Беларусь.
Ты гора маё і пакута
І ад цябе я ніколі
Не адцураюся,
Не адракуся! (П. Панчанка)
Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё - Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей. якіх нарадзіў. (І. Шамякін)
Матчынай зямлі карэнні
Ніколі не адпусцяць нас. (П. Панчанка)
Мая радзіма - жытні колас,
Сінь мурагу. язміну цвет. (Е. Лось)
Быць чалавекам на зямлі
Зямля бацькоў дала мне права. (Р. Барадулін)
Усе мае думкі з табою, Айчына,
Усе мае думкі з табою, зямля! (Е. Лось)
Беларусь-радзіма, вольная старонка.
Вольным тваім далям краю не відаць. (А. Русак)
Я радасць сваю не стрымаю -
І песня ўзлятае сама:
Мне лепей ад роднага краю
Нічога на свеце няма. (А. Бачыла)
Для радзімы-маткі сіл сваіх не пашкадую. (Я. Колас)
Люблю бязмежна прадзедаў зямлю,
Руплівую і мужную краіну. (М. Лужанін)
Відаць, сама прырода нараджае музыку роднай зямлі. (І. Навуменка)
І ў марозы лютыя,
І ў такім уборы
Да чаго ж вы любыя,
Родныя прасторы! (Н. Гілевіч)
Беларусь, на ўсёй, на вялікай планеце
Свой пачэсны пасад ты даўно заняла. (П. Броўка)
Беларусь, азёрнай, і жытнёвай,
І зубрынай нараклі цябе. (К. Камейша)
Век сонцу яркаму свяціць
Над бацькаўшчынай нашай. (М. Танк)
Зямлю бацькоў я так люблю,
Што ненавідзець маю права. (Р. Барадулін)
Край мой беларускі, край!
дай мне прыгарнуцца, дай
Да твайго ляснога вераснога долу. (Н. Гілевіч)
Ты сагравала і натхняла,
Хоць ад цябе я быў здаля,
Зямля Заслонава, Купалы,
Якуба Коласа зямля. (А. Александровіч)
І пакуль нада мной наша роднае неба -
Аніякі мяне не палохае лёс. (А. Бачыла)
Беларусь! Зялёная, залатая!
Край мой светлы, што выпіў мора пакут!
Да апошняй бярозы благаслаўляю
Светлы дзень, калі я нарадзіўся тут. (У. Караткевіч)
Я думаю: які цудоўны свет і якая прыгожая наша краіна (В. Вольскі)
Пакуль сонца не згасне,
Пакуль свецяцца зоры,
Беларусь не загіне,
Будзе жыць Беларусь! (П. Панчанка)
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць. (М. Багдановіч)
Родны край, дарагая маці-Радзіма... Ты вечна будзеш свяціць для нас сваімі яснымі зорамі. узыходзіць ласкавым сонцам, звінець бадзёрай неўміручай матчынай песняй. Табе да канца жыцця мы прысвячаем свае лепшыя словы і пачуцці, свае справы і задумы. (П. Прыходзька)
Нават страціўшы зрок,
Абыйду я паўсвету,
А да родных мясцін шлях заўсёды знайду. (П. Броўка)
Выдатныя людзі Беларусі
Спытайце ў сённяшняй моладзі (ды і не толькі ў іх, нават у настаўнікаў), каго са знакамітых беларусаў яны могуць назваць. Спачатку людзі ўспомняць пісьменнікаў і паэтаў (Колас, Купала і г.д.), потым, магчыма, спартсменаў, палітыкаў, артыстаў, успомняць з гісторыі Вітаўта і Скарыну. У лепшым выпадку вам назавуць 10-15 прозвішчаў.
Між тым Беларусь багатая на таленты. І ў дадзеным раздзеле я паспрабую пашырыць кругагляд сваіх чытачоў на яшчэ колькі прозвішчаў. Думаецца, пра многіх вы і не ведалі. На беларускай зямлі нарадзілася шмат таленавітых людзей, і нам ёсць, кім ганарыцца. І, можа, не ўсе з іх па нацыянальнасці беларусы, аднак наша дзяржава заўсёды славілася гасціннасцю і цярплівасцю да розных народаў.
Казімір Семяновіч - вынаходнік шматступеннай ракеты (1651 г.), аўтар кнігі "Вялікае мастацтва артылерыі".
Якуб Наркевіч-Ётка - адкрывальнік электраграфіі і бездротавай перадачы электрычных сігналаў.
Ігнат Дамейка - народны герой Чылі, заснавальнік універсітэта ў Сант'яга.
Герман Нінкоўскі - выдатны нямецкі матэматык і фізік.
Аляксандр Кавалеўскі даказаў эвалюцыйнае адзінства храбетных і бесхрабетных жывёлаў. Ягоны брат Уладзімір - заснавальнік эвалюцыйнае палеанталогіі.
Бенедыкт Дыбоўскі ўпершыню апісаў жывёльны свет Байкала, Амура, Камчаткі.
Ян Чэрскі - геолаг, яго імем названа горная січтэма - храбет Чэрскага.
Тадэвуш Касцюшка - нацыянальны герой ЗША, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі.
Жыгімонт Мінейка - нацыянальны герой Грэцыі.
Аляксандр Булатовіч - герой вайны Эфіопіі супраць італьянскіх каланізатараў.
Мікалай Судзілоўскі - прэзідэнт-сенатар Гавайскіх астравоў.
Леў Арцымовіч - вучоны ў галіне кіравання тэрмаядзернага сінтэзу.
Аляксандр Чыжэўскі - заснавальнік геліябіялогіі.
Аляксандр Маліноўскі - стварыў падмурак кібернетыкі.
Оскар Мілаш - французскі і літоўскі пісьменнік.
Гіём Апалінер - французскі паэт, яго траюрадны брат - беларускі празаік Карусь Каганец.
Павел Сухі - авіяканструктар.
Уладзіслаў Старэвіч - пачынальнік лялечнай анімацыі.
Элаіза Ажэшка - польская пісьменніца.
Язэп Крашэўскі - польскі пісьменнік, літаратурная спадчына якога налічвае 600 тамоў.
Язэп Пілсудскі называў сябе ў маладосці беларусам.
Рафал Чарвякоўскі - бацька польскай хірургіі.
Андрэй Чохаў - адліў Цар-пушку.
Клім Міхайлаў са Шклова стварыў іканастас Смаленскага сабора ў Маскве.
Фадзей Булгарын - літаратар.
Балерыны Азарэвіч са Шклова стварылі расійскую балетную школу.
Леў Шчэрба - галава ленінградскай фаналагічнай школы.
Восіп Казлоўскі - аўтар першага расійскага гімна.
Восіп Гашкевіч - першы консул Расіі ў Японіі, аўтар першага японска-рускага слоўніка.
Астап Красновіч стварыў першы санскрыта-рускі слоўнік.
Эдвард Пякарскі - "бацька" якуцкай літаратуры, стварыў першы слоўнік якуцкай мовы.
Фёдар Плявака - знакаміты адвакат.
Рыгор Гром-Грымайла - падарожнік і заолаг.
Язэп Зарыцкі і Ян Багінскі - будаўнікі портаў Рыга і Кранштат.
Ілля Капіевіч стварыў шрыфт, якім мы зараз карыстаемся (некалькі дзесяцігоддзяў пры Пятры І яго называлі "беларускай азбукай"), быў настаўнікам у Пятра І, увёў у кнігадрук арабскія лічбы, апублікаваў у 1700 г. басні Эзопа, апублікаваў першую карту зорнага неба.
Лары Кінг - амерыканскі тэлевядучы.
Шмуль, Арон і Іцхак Ванскаласеры - стваральнікі амерыканскай кінакампаніі Warner Bros. (іх бацькі родам з Беларусі).
Луіс Маер і Самуэль Голдвін - заснавальнікі і кіраўнікі амерыканскай кінакампаніі Metro Goldwyn Mayer.
Міхаіл Мікешын - скульптар.
Аляксандр Рыбак - нарвежскі выканаўца беларускага паходжання.
Кампазітары
Міхаіл Глінка, Станіслаў Манюшка, Мікалай Рымскі-Корсакаў, Мадэст Мусаргскі, Дзмітрый Шастаковіч, Ігар Стравінскі.
Мастакі
Казімір Малевіч, Яраслаў Ісачоў, Марк Шагал, Георгій Нізкі, Яўсей Майсееў, Надзея Хадасевіч-Лажэ.
Першадрукары
Іван Фёдараў. Францыск Скарына, пётр Мсціславец, Ян Ліцвін - лонданскі першадрукар.
Літаратары
Фёдар Дастаеўскі, Дзмітрый Пісараў, Міхаіл ісакоўскі, Аляксандр Твардоўскі, Яраслаў Смелякоў, Юрый Алеша, Яўген Яўтушэнка, Аляксандр Грыбаедаў, Аляксандр Грын, Уладзімір Высоцкі.
Акцёры
Інакенцій Смактуноўскі, Васіль Качалаў, Вадзім Кірыленка, Кірк Дуглас (амерыканскі акцёр, яго карані - гомельскія, бацька Майкла Дугласа).
Пісьменнікі-юбіляры
Каляндар юбілейных дат
|
кастрычнік: |
90-годдзе з дня нараджэння Івана Пташнікава |
|
|
85-годдзе з дня нараджэння Мікалая Чаргінца |
|
лістапад: |
140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа |
|
|
135-годдзе з дня нараджэння Цішкі Гартнага |
|
снежань: |
100-годдзе з дня нараджэння Алены Васілевіч |
|
|
75-годдзе з дня нараджэння Алеся Разанава |
|
студзень: |
75-годдзе з дня нараджэння Навума Гальпяровіча |
|
люты: |
130-годдзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага |
|
|
215-годдзе з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча |
|
сакавік: |
105-годдзе з дня нараджэння Алеся Бачылы |
|
|
75-годдзе з дня нараджэння Генадзя Пашкова |
|
|
70-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Бутрамеева |
|
красавік: |
80-годдзе з дня нараджэння Мар’яна Дуксы |
|
май |
140-годдзе з дня нараджэння Янкі Маўра |
|
|
85-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Карызны |
Калі ласка, у хату…
Усе мы з хат,
Усе мы з цішыні,
З бабуліных, дзядуліных далоняў...
Гэты раздел будзе карысны ўсім, бо тут змешчана інфармацыя аб побыце нашых продкаў, іх традыцыях, святах, прыметах і павер’ях, адзенні, хатніх прыладах, народныя выслоўі на розныя выпадкі жыцця.
Беларуская вышыўка

Мал1.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна
У асобную зону вылучаюць вышыўку Цэнтральнага рэгіёна. У канцы 19 — пачатку 20 ст. традыцыйнае геаметрычнае нашыванне было распаўсюджана ад Пухавіцкага раёна на поўначы да Лунінецкага на поўдні і ад Клічаўскага раёна на ўсходзе да Клецкага на захадзе. Паводле асаблівасцей вышыўка гэтага рэгіёна працягвае традыцыі старажытных палескіх узораў. Традыцыйная вышыўка найбольш захавалася сярод насельніцтва Клецка-Капыльскага, Салігорска-Лунінецкага, Старадарожска-Пухавіцкага, Клічаўскага арэалаў. Клецка-Капыльскім вышыўкам уласціва строгая дакладнасць геаметрычных узораў, у аснове якіх часта ўжываліся паралельныя лініі апісаных ромбаў, выкарыстанне тэхнікі набору, своеасаблівай лікавай аднабаковай гладзі, арнітаморфная арнаментыка ручнікоў, падобная да крулевецкіх (Сумская вобласць) украінскіх тканін. Вышыўкі Старадарожскага раёна адрозніваюцца яркімі мастацкімі асаблівасцямі, беззаганнасцю тэхнічнага выканання дробнага ромбагеаметрычнага ўзору. Адмысловая стылістычная інтэрпрэтацыя традыцыйных узораў склалася на тэрыторыі Салігорскага, Лунінецкага раёнаў. Тут упрыгожвалі рукавы жаночых кашуль падоўжнымі і папярочнымі бардзюрамі, асноўны чырвоны колер дапаўнялі сінім, нярэдка ўключалі ў арнамент старажытныя салярныя матывы (крыжы і інш.). На ўсходзе Цэнтральнага рэгіёна (Клічаўскі раён) вышыўкай упрыгожвалі традыцыйнае адэенне і ручнікі (папярочнае нашыванне-набор, каляровая мярэжка насцілам, крыжык). У арнаменце адлюстраваны даўнія і больш познія геаметрызавана-раслінныя матывы.
На Магілёўшчыне ў параўнанні з Гомельшчынай не назіраецца падобнай тыпалагічнай варыяцыйнасці вышыўкі. Аднак і тут бытавалі зоны з пэўнымі мастацка-стылістычнымі асаблівасцямі: вышыўка Клімавіцкага, Крычаўскага раёнаў з дакладнымі формамі строга рытмічных стылізавана-раслінных кампазіцый на адзенні, ручніках. Традыцыйныя вышыўка Магілёўскага раёна характарызуюцца спалучэннем тэхнікі нацягу і роспісу, тонкімі графічнымі лініямі строга геаметрычнага арнаменту. Асаблівасць вышыўкі Мсціслаўшчыны — у шырокіх геаметрычных чырвона-чорных вышытых крыжыкам бардзюрах на наплечніках жаночых кашуль. Устойлівасць кампазіцыйнай пабудовы ўласціва вышыўцы Касцюковіцкага раёна, сеткавы арнамент якіх выкананы дэкаратыўнымі злучальнымі швамі, крыжыкам.

Мал2. Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. 1900-я гады. Вёска Кляевічы Касцюковіцкага раёна
На Усходнім Палессі вышыўцы характэрна больш яўная эвалюцыя традыцыйных узораў, разнастайнасць прыёмаў, каларыту, шырокае ўжыванне раслінных узораў. Характэрныя асаблівасці вышыўкі склаліся на Тураўшчыне, у цэнтральных раёнах паўднёва-ўсходняй часткі рэгіёна. У вышыўцы Тураўшчыны (Жыткавіцкі, Лельчыцкі раёны) выразна прасочваюцца тры арнаментальныя пласты, якія паслядоўна зменьвалі адзін аднаго: у пачатку 20 ст. манахромнае (чырвонае, белае) геаметрычнае шво выцеснілася вышыўкай раслінных узораў у выглядзе буйных дэкаратыўных руж чырвона-чорнага колеру; з 1930-40 гг. пашыраны паліхромныя раслінныя ўзоры ў тэхніцы адвольнай гладзі.
Асобны тып вылучаецца на тэрыторыі Цэнтральнага Палесся (Калінкавіцкі, Светлагорскі, Ельскі, Мазырскі раёны), адметнасць якога ў яркай дэкаратыўнасці ўзораў, гарманічным спалучэнні геаметрычных і раслінных форм, абмаляванні шырокага асноўнага бардзюра разрэджаным падузорам. Ва ўзорах традыцыйнага шва 19 ст. пераважаў манахромны чырвоны каларыт, у больш позняй вышыўкі крыжыкам ён дапаўняўся чорным колерам. На Паўднёва-Усходнім Палессі (Брагінскі, Хойніцкі, Лоеўскі раёны) вышыўка прадстаўлена пераважна расліннымі чырвона-чорнымі ўзорамі на адзенні, ручніках, настольніках (абрусах), коўдрах, фіранках. Асноўныя тэхнічныя прыёмы — крыжык, гладзь, ажурнае расшыванне.

Мал.3 Вышыўка крыжыкам. Фрагмент ручніка. Вёска Карма Добрушскага раёна
Заходнепалескай вышыўкай багата аздаблялі традыцыйныя прадметы народнага адзення — наміткі, фартухі, жаночыя і мужчынскія кашулі. Паводле характару арнаментальнага комплексу вылучаюць вышыўкі Кобрыншчыны, Маларытчыны, Брэсцкага раёна. Вышыўка Кобрынскага, Жабінкаўскага раёнаў узбагацілі народнае мастацтва вытанчаным дробнаўзорыстым геаметрычным арнаментам у тэхніцы процягу. Кампазіцыя традыцыйна складаецца з некалькіх вузкіх бардзюраў чырвонага колеру з тонкімі лініямі сіняга або чорнага колеру. На поўдні Кобрыншчыны ў 1-й палове 20 ст. было пашырана аздабленне жаночага касцюма аплікацыяй з каляровага саціну. Спецыфіка вышыўкі Маларытчыны — у шчыльным, амаль дывановым запаўненні арнаментальнай паласы (узор выяўляўся прасветамі фону), класічнай трохчасткавай кампазіцыяй (цэнтральны бардзюр у абрамленні больш вузкіх); своеасаблівая манументальнасць нацяганых узораў падмацоўвалася насычаным чырвона-карычневым каларытам. Вышыцы ў асобных вёсках Брэсцкага раёна (в.Прылукі і інш.) уласціва выкарыстанне баваўняных нітак чорнага або карычнева-чырвонага колераў, адмысловыя геаметрычныя кампазіцыі ў выглядзе шырокіх нацяганых па вертыкалі ці дыяганалі палос.
Мал.4 –мал.12
Галаўныя ўборы
Беларускім дзяўчатам была ўласціва агульная ўсходнеславянская прычоска, пры якой валасы зачэсвалі гладка на прамы прабор і на патыліцы запляталі ў 1–2 касы. Прычым трэба адзначыць, што на большай частцы тэрыторыі Беларусі для дзяўчат не мела ніякай розніцы і значэння пляценне валасоў у 1 ці ў 2 касы. Толькі ў прыгранічных з Расіяй паветах паўночнай Беларусі (Полацкі, Верхнядзвінскі і Лепельскі) у дзяўчат пераважала прычоска ў адну касу, а на поўдні Палесся – у дзве касы. Заплеценыя ў косы валасы пакідалі звычайна свабодна звісаючымі ўздоўж спіны або абкручвалі вакол галавы ў выглядзе вянка.
Жаночыя галаўныя ўборы канца XIX– пачатку XXст. шыліся ў асноўным з фабрычных тканін з шырокім выкарыстаннем для іх аздобы стужак, тасьмы, вышыўкі. У святы дзяўчаты ў косы ўпляталі стужкі фабрычнага вырабу – «каснікі», «укоснікі», «закоснікі», «стужкі», а ў штодзённым абыходзе проста акройкі каляровай матэрыі – «плёткі», «уплёткі», «стужкі», «пахісткі». Звычайна ў касу ўпляталі па адной стужцы-касніку і толькі на Палессі па святах – адначасова па 3-5 рознакаляровых стужак. Часам касу запляталі не да канца, а пакідалі амаль напалавіну расплеценай. Відаць, гэта агульнаславянская рыса ў беларускай дзявочай прычосцы, таму што ў балгар існуе звычай таксама недаплятаць касу.

Мал1.
Галаўныя ўборы і прычоскі раней за ўсё падвергліся ўздзеянню гарадской моды. У пачатку XX ст. у блізка размешчаных ад гарадоў вёсках Віцебшчыны і раёнах, дзе было найбольш развіта адыходніцтва, многія дзяўчаты кос па святах не запляталі, а на гарадскі лад закручвалі валасы на патыліцы ў пучок («куклу», «куксу», «гулу») і замацоўвалі іх шпількамі або драўлянымі грэбенямі. Аднак штодзённай прычоскай і ў гэтых месцах заставалася ўсё-такі заплятанне валасоў у косы.

Мал.2
У цёплую пару года і ў хаце дзяўчаты не насілі ніякіх галаўных убораў. Непакрытыя валасы лічыліся ў беларусаў, як і ва ўсіх усходніх славян, адзнакай дзявоцтва. Таму такія старажытныя дзявочыя галаўныя ўборы, як вянкі, не мелі верху, а галаўныя павязкі («шырынкі», «ручнікі», «скіндачкі») у выглядзе вузкага ручніка з арнаментаванымі канцамі або налобнікам павязваліся такім чынам, што не закрывалі валасоў на макушцы. Шырыня дзявочых галаўных павязак была каля 30 см, даўжыня – 1-1,2 м. Пры павязванні яны заўжды складваліся ўдвая і завязваліся вузлом на патыліцы. У вёсцы Славань Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці «скіндачка» рабілася звычайна з кавалка белай куплёнай тканіны, да канцоў якога прышываліся рознакаляровыя стужкі.
У сярэдзіне XIX ст. дзявочыя галаўныя павязкі былі шырока распаўсюджаны на ўсёй Беларусі, аднак к канцу ХІХ ст. амаль поўнасцю былі выцеснены хусткамі.
У Гомельскім павеце Магілёўскай губерні ў канцы XIX ст. паверх заплеценых у косы валасоў дзяўчаты насілі складзеную па дыяганалі палоскай хустку, якую завязвалі ў выглядзе вянка з вісячымі ззаду канцамі. Такім жа чынам павязвалі дзяўчаты хусткі ў канцы XIX – пачатку XX ст. і ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні. Толькі ў некаторых вёсках гэтага павета дзяўчаты ў складзеную палоскай па дыяганалі хустку ўкладалі яшчэ кавалкі кардона або лубу шырьшёй 10-15 см i памерам па аб’ёму галавы. Канцы хусткі завязвалі ззаду на вузел.
У пачатку XX ст. дзявочыя галаўныя павязкі былі распаўсюджаны толькі ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні і Бабруйскім павеце Мінскай губерні.
У вёсцы Узлогі Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (на мяжы з Расіяй) на святы дзяўчаты павязвалі «бахмару» (відаць, ад слова «бахрама») – нешырокую павязку з тонкага адбеленага палатна. «Бахмара» ўпрыгожвалася кругом невялічкімі кутасікамі («пуклямі») з чырвоных і чорных бумажных нітак і моцна крухмалілася. Яна складвалася па даўжыні ў два разы і завязвалася вакол галавы вузлом на патыліцы.
У канцы XIX – пачатку XX ст. у летнюю пару дзяўчаты хадзілі звычайна з непакрытай галавой. Хусткі завязвалі толькі ў час палявых работ, каб прыкрыць галаву ад сонца, на святы і ў дарогу. У такіх выпадках складзеныя па дыяганалі хусткі павязвалі пад падбародак або вакол галавы, завязваючы канцы зверху задняга касячка хусткі (рыс. 9, г). У святы яркія каляровыя хусткі павязвалі пад падбародак, пакідаючы спераду частку валасоў адкрытай. У Гродзенскай губерні да павязаных святочных хустак дзяўчаты прымацоўвалі па 2 букеты жывых або штучных кветак.
У кан. XIX – пач. XX стст. у вёску таксама ўсё шырэй і больш пачалі пранікаць стандартныя фабрычныя вырабы. Яны пачалі выцясняць мясцовыя традыцыйныя, якія ў асноўным засталіся толькі ў сцэнічных касцюмах. У сучасны момант галаўныя ўборы шырока завозяцца і з-за мяжы, разлічаныя на ўзрост тых, хто іх будзе насіць, і на сезонны перыяд. У многіх выпадках нацыянальныя рысы ў іх цяжка адрозніць.
Мал. 3 Брыль - летні мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Вырабляўся з саломы, мятліцы, лазы, (плеценыя, летнія), з воўны (насілісь у любы час). Палі ў брыля, звычайна, шырыней каля 4-10 см., верх у выгляддзе цыліндра, вышыней 8-10 см.
Магерка - гэта сярэдневекавы мужчынскі галаўны ўбор, папулярны ў 16-19 стагодзях у Беларусі. Насіўся круглый год.

Мал.4
Абрад "Уваходзіны ў хату"

Гаспадыня: Здаецца толькі ўчора вяселле мы з табой спраўлялі, а вось, глядзі ты, і хату збудавалі. Проста не верыцца
Гаспадар: І сапраўды. (Чуецца стук у дзверы)
Гаспадыня: А вось і госці.
Гаспадар: Просім у хату, госцейкі нашы.
1-ы госць: Паважаныя гаспадары. Мы дорым вам падкову, каб шчасце не пакідала вашу хату.
2-і госць: А вось шматок саломы. Калі, крый Божа, давядзецца каму-небудзь з вас упасці, няхай будзе заўсёды саломка пад рукою.
3-і госць: А гэта табе, гаспадыня, салонка. І памятай: недасол на стале, перасол на спіне.
4-ы госць: Вось вам, гаспадары, яйкі, але не залатыя.Няхай вашы куры добра нясуцца.
5-ы госць: А гэта самы галоўны наш падарунак-абраз Божай Маці. Няхай ён на працягу ўсяго жыцця зберагае вас ад нячыстай сілы.

А цяпер зойдзем у саму хату. Але асцярожна. Трэба правільна пераступіць парог. “Ад парога хату не мятуць”-вучыць народная мудрасць. Здавалася, ці так важна, як месці хату. Галоўнае, каб было чыста. Але не, парог- месца незвычайнае. Парог асэнсоўваўся людзьмі як своеасаблівая мяжа, што падзяляе чалавечае жытло ад прасторы “за парогам”-неасвоенай, нежылой і, значыць, варожай для чалавека. З парогам звязаны розныя звычаі. Можа вы чулі некаторыя з іх, раскажыце, калі ласка.
Так, парог пераступілі. Што ж бачым далей у вясковай хаце? Ля ўвахода, справа, месца для мыцця посуду і іншых кухонных рэчаў. Пасля-печ. Ёсць такі выраз: танцаваць ад печы. Пачнём і мы нашу размову з печы. З печчу звязана шмат вераванняў і ўяўленняў. Можа хтосьці можа расказаць нешта цікавае.
Асаблівая павага да печы, адносіны да яе як да жывой істоты падкрэсліваюцца забаронай ужываць ля яе “грубыя або непрыстойныя словы”. Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце, або “сказаў бы, ды печ у хаце. “Печ-заступніца ад хваробы або смерці. Існавала такая парада: пры ўваходзе ў хату, у якой ляжыць хворы, трэба спачатку паглядзець на печ, каб не прыстала хвароба.
-А як называецца той куток, дзе знаходзяцца пячныя служкі? Так, правільна, качарэжнік альбо вілачнік. Там і чапяла, і качарга, і вілкі. Голымі рукамі гаршка з печы не дастанеш.Гаршок ці чыгунок падхопліваюць вілкай і ставяць у печ ці вымаюць з печы.
Пабач з печчу месціцца посуд: збанкі, гаршкі, конаўкі, макацёркі і інш.
-А што стаяла ўздоўж сцяны? Так, лавы. На іх сядзелі і маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Стол і лавы рабілі з дубовых дошак. Стол быў белы, бо яго скрэблі нажом.
І яшчэ адно цікавае месца ў хаце. Гэта покуць, куточак храма ў хаце. А што вы ведаеце пра покуць?
-Якія ўпрыгожванні ёсць у вясковай хаце? Так, посцілкі(перабіранкі), ручнікі. Ручнік-гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік-гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты. Мы зберагаем наш добры звычай і хочам пачаставаць вас, дарагія госці, хлебам-соллю.
-Паглядзіце на ручнік. Якія ўзоры вы там бачыце? А якія яшчэ кветкі часта сустракаюцца на вышыўках?
Музычная паўза. Песня “Васількі”
А можа хто з вас ведае, як выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца ручнік на вяселлі?
А яшчэ на ручніку прымалі нашы продкі нованароджаных.А дзяўчаты дарылі ручнікі хлопцам, якія ішлі ў войска, каб не забываліся пра свой дом.Шмат было абрадаў з ручніком, але іх аб’ядноўваў адзін сэнс-ушанаванне продкаў. Ручнік быў сімвалічным пасрэднікам паміж светам жывым і светам нябачным.
І яшчэ цікавая рэч у хаце-гэта куфар. Не проста нейкая скрыня, дзе складалі адзенне, а куфар жыцця жыхароў гэтай хаты. Праз куфар відаць жыццё чалавека. Куфар часта згадваецца ў вясельных песнях:
Надзеў на вяселле
Прыгожы жупан,
На возе рассеўся
І едзе, як пан.
Дзяўчына збірала пасаг, складвала яго ў куфар. І калі ішла пад вянец,перавозілі куфар у хату жаніха. Рабілі куфры з дошак, на падстаўных ножках. Канты, пярэднія сценкі акаймоўвалі металічнымі палоскамі. Па баках мацавалі ручкі. За сталярскую работу браліся майстры-мужчыны, а размалёўвалі куфар жанчыны. На куфры расцвіталі кветкі, зялёныя галінкі, залаціліся каласы, сінеў лён. У куфры захоўвалі тканіну, адзенне, каштоўныя рэчы.
У пахучым куфры важка ўсё ляжала,
Што сама бабуля працай рук прыдбала.
Быццам водар з поля прынясло ў хату,
Так запахла лугам,чабаром і мятай.
Прыказкі і прымаўкі пра сямейны лад
Каханне і кашаль не схаваеш.
У каханкі смаляныя лаўкі.
Дзеўцы вяселле, а карове смерць.
Сям'я гушчу любіць.
Калі ў хаце ціха - не бярэ ліха.
Што двор, то нораў.
Адрэзанай лусты не прылепіш.
Пад добрым кустом трава зелянее, за добрым мужыком жонка маладзее.
Матчыны рукі заўсёды мягкія.
Бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца.
Як добра свякроў, то добра і нявестка.
Якая гаспадыня, такі і парадак.
Мужык з жонкай сварыцца - у гаршчку трасца вырыцца.
З тварам да вянца, з розумам да канца.
Лепей дома на саломе, чым замужам на падушках.
Як гаспадар у карчме скача, дык гаспадыня ў хаце плача.
Хоць вох, ды ўдвох.
Хату мяці, а шуму вон не нясі.
Мыжык ды баба - адна рада.
Якое семя, такое і племя.
Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра.
Гаспадарку весці - не барадой трэсці.
Як дбаем, так і маем.
Які дагляд, такі і лад.
Не дагледзіш вачыма, заплаціш грашыма.
Якія сані, такія і самі.
Запас бяды не чыніць.
На сваім падворку і сабака - пан.
Быў бы сад, а салаўі прылятуць.
Ні каня, ні вала - сядзі, як паня.
Твае коні - ты й пільнуй.
Сытага сабаку не падкупіш.
Няма ані цыбулькі, ані ўкрышыць ува што.
Як зварыш, так і з'ясі.
Без часу не будзе квасу.
Як маеш дзіцятка, дык май і калыску.
Дзетак узгадаваць - не курак пасклікаць.
Малыя дзеці - галава баліць, вырастуць - сэрца.
Не гадуючы малога, не мецімеш вялікага.
Дзіця, не ўпаўшы, не вырасце.
Без кораня і палын не расце.
Які род, такі плод.
Па гнязду відаць, якая птушка.
Не ўмеў гадаваць, умей выбачаць.
Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, з сямі - пасі, як авечку - тады выйдзе на чалавечка.
Не слухаў малы, не паслухае і вялікі.
Не навучыць бацька, дык навучыць гора.
Хату мяці, а шуму вон не нясі.
